Часопіс «Вожык» — старэйшае літаратурна-мастацкае выданне ў галіне сатыры і гумару. Выходзіць з 1941 года (у 1945 г. стаў пераемнікам знакамітага баявога выдання, агітплаката «Раздавім фашысцкую гадзіну»).
У гады вайны на старонках выдання мастакі паказалі, якой грознай зброяй у барацьбе з ворагам можа быць аловак і пэндзаль. У афармленні агітплаката актыўны ўдзел прымалі беларускія мастакі-прафесіяналы З. Азгур, А. Шаўчэнка, Б. Звінагродскі, Д. Красільнікаў і таленавіты гомельскі малады мастак-самавучка В. Букаты, што загінуў у росквіце творчых сіл пры выкананні баявога задання. На старонках выдання важнае месца займала самая разнастайная па тэматыцы палітычная карыкатура. Гэта і вострыя малюнкі, якія высмейвалі звар’яцелага Адольфа Гітлера, і шматфігурныя сюжэтныя кампазіцыі аб гора-заваёўніках, і, вядома, сатырычны плакат, што звычайна выконваўся ў дзве-тры фарбы і змяшчаўся на галоўнай паласе. Выданне тыражыравалася друкарскім спосабам і засылалася ў тыл ворага, у партызанскія атрады, распаўсюджвалася сярод насельніцтва на акупіраванай тэрыторыі.
З 1942 года газета-плакат выдавалася ў Маскве, і яе рэдактарам стаў Кандрат Крапіва. Асноўны аўтарскі актыў складалі беларускія пісьменнікі і паэты — Янка Купала, Якуб Колас, Кузьма Чорны, Пятрусь Броўка, Пятро Глебка, Васіль Вітка, Максім Лужанін, Анатоль Астрэйка, Антон Бялевіч і іншыя. У падрыхтоўцы нумароў газеты побач з беларускімі мастакамі актыўны ўдзел прымалі маскоўскія і ленінградскія графікі — Кукрыніксы, В. Гараеў, Л. Брадаты, Б. Яфімаў, Г. Вальк, Д. Дубінскі.
У часы пасляваеннага адраджэння з часопісам супрацоўнічалі многія майстры карыкатуры. Кожны з іх, маючы свой адметны творчы почырк, удзельнічаў у стварэнні менавіта «вожыкаўскай» школы карыкатуры і гумарыстычнага малюнка. Яна заснавана на высокім майстэрстве, пазначана інтэлектам творцаў, іх уменнем мысліць вобразна і неардынарна, мае сваіх паслядоўнікаў.
Нездарма ў інтэрв’ю часопісу вядомы беларускі пісьменнік, перакладчык, гумарыст, вожыкавец са стажам Янка Сіпакоў згадваў: «…А якімі асобамі былі вожыкаўскія мастакі! Анатоль Волкаў заўсёды прыходзіў у рэдакцыю з добраю ўсмешкаю; Аскольд Чуркін — часам з песнямі, а часцей за ўсё з якой-небудзь мелодыяй, якую ён міжволі мурлыкаў сабе пад нос; Мікалай Гурло часта дамалёўваў сваіх «тыпчыкаў» на маім стале; побач Яўген Бусел моўчкі, засяроджана папраўляў свае карыкатуры пасля заўвагі; Лёню Чурко можна было нярэдка ўбачыць на тэмных нарадах са сваёй ўлюбёнкаю на плячы — маленькаю малпачкаю, якая, нібы штосьці вышукваючы, капалася ў яго валасах; а Валянцін Ціхановіч, заўзяты паляўнічы і рыбалоў, адмысловы гаварун, заўсёды з’яўляўся ў рэдакцыю з мноствам цікавейшых гісторый, якія ён любіў і ўмеў расказваць. А душою калектыву несумненна з’яўляўся Аська Чуркін — так ласкава звалі яго ўсе вожыкаўцы…»
Усё лепшае, што створана беларускімі пісьменнікамі і мастакамі-карыкатурыстамі ў сатыры і гумары, прайшло праз «Вожык». У часопісе друкаваліся, без перабольшання, усе нашы класікі. Заўсёды шанцавала выданню і на мастакоў. Увогуле, прасцей пералічыць тых, хто ніколі не супрацоўнічаў з «Вожыкам», чым назваць тых, хто звяртаўся ці звяртаецца да любімых у народзе сатырычна-гумарыстычных жанраў. У розныя часы галоўнымі рэдактарамі «Вожыка» былі Міхась Чавускі, Кандрат Крапіва, Павел Кавалёў, Уладзімір Корбан, Аляксандр Раманаў, Валянцін Блакіт, Міхась Пазнякоў, Алесь Пісьмянкоў, Уладзімір Саламаха.
У перасоўных выстаўках, якія экспануюцца па ўсёй Беларусі — карыкатуры вядомых беларускіх мастакоў-карыкатурыстаў. Гэта Алег Папоў, Аляксандр Каршакевіч, Сяргей Волкаў, Алег Гуцол, Пётр Козіч, Вікенцій Пузанкевіч, Павел Гарадцоў (Шычко), Анатоль Гармаза, Андрэй Слуцкі, Алег Курпік і іншых.
Сяргей Анатольевіч ВОЛКАЎ нарадзіўся ў Мінску ў 1942 годзе. Скончыў Мінскае мастацкае вучылішча (1962), Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут (1970). З 1973 года — член Беларускага саюза мастакоў.
Творчы дэбют у «Вожыку» адбыўся ў 1960 годзе. Вядомы мастак, заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Працуе ў кніжнай і станковай графіцы ў тэхніках акварэлі, малюнка, літаграфіі, шаўкаграфіі. Сяргей Анатольевіч — аўтар больш чым ста плакатаў, серыі сяброўскіх шаржаў, шматлікіх карыкатур, аформіў больш як трыста кніг у выдавецтвах Беларусі і Расіі. Яго работы знаходзяцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь, Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і інш.
Адзін з вядучых карыкатурыстаў краіны Алег Віктаравіч ПАПОЎ (1955) нарадзіўся ў Мінску. З’яўляецца адданым прыхільнікам музыкі: іграе на бас-гітары ў ВІА «Вечная молодость».
А да гэтага часу вучыўся ў ваенна-марскім вучылішчы ў Ленінградзе, на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Скончыў курсы мастакоў-афарміцеляў пры Мінскім мастацкім вучылішчы імя А. К. Глебава, аддзяленне станковага жывапісу і графікі Маскоўскага завочнага народнага ўніверсітэта мастацтваў. Працаваў токарам, слесарам, мастаком-афарміцелем на Мінскім механічным заводзе імя Вавілава, мастаком у часопісе «Вожык». Цяпер адказвае за мастацкі воблік «Народнай газеты».
Першая яго карыкатура ўбачыла свет у 1978 годзе ў заводскай шматтыражцы. З таго часу Алег Віктаравіч намаляваў некалькі дзясяткаў тысяч карыкатур, якія друкаваліся практычна ва ўсіх выданнях краін блізкага і далёкага замежжа. Выпусціў 18 зборнікаў карыкатур у «Народнай газеце». Быў узнагароджаны за лепшыя карыкатуры «Залатым пяром», атрымаў «Золотую литеру» як лепшы афарміцель-дызайнер. Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў.
Творчасць А. Папова ведаюць ва ўсім свеце, хоць ён прынцыпова не ўдзельнічае ў міжнародных конкурсах карыкатуры. Яго малюнкі выдзяляюцца на агульным фоне моцнай сацыяльнай накіраванасцю. Няма ніводнай праблемы ў жыцці краіны, на якую не адгукнуўся б востры аловак Алега Папова, даўняга і актыўнага аўтара «Вожыка».
Вядомы мастак-карыкатурыст Анатоль ІванавічГАРМАЗА (1955) нарадзіўся ў вёсцы Навасады Дзяржынскага раёна. Яго талент быў заўважаны і падтрыманы часопісам «Вожык», і ў хуткім часе малады мастак ужо працаваў у рэдакцыі, а пазней быў прызначаны і галоўным мастаком... Самабытныя па выкананні і вострыя па змесце малюнкі Анатоля Іванавіча радуюць чытачоў «Вожыка» і па сённяшні дзень.
У вёсцы Юнькі Пастаўскага раёна ў 1950 годзе нарадзіўся будучы вядомы мастак-графік Пётр КОЗІЧ. Маляваць пачаў з самага дзяцінства, малюнкі чацвёртакласніка Пеці Козіча дэманстраваліся нават на рэспубліканскай выставе. У 1967 годзе хлопец без асаблівых цяжкасцей паступіў у Віцебскі педінстытут на мастацка-графічны факультэт і неўзабаве пасябраваў з «Вожыкам». (Гэтаму безумоўна паспрыяла і сатырычна-гумарыстычная творчасць старшакурснікаў М. Гіргеля, М. Шышлова і іншых.) Працаваў у розных арганізацыях і ўстановах, а калі ў 1991 годзе была створана газета «Віцьбічы», стаў яе нязменным мастацкім рэдактарам, аддаў выданню шмат гадоў жыцця.
Пётр Серафімавіч — удзельнік рэспубліканскіх выстаў і міжнародных конкурсаў карыкатуры. Яго малюнкі друкаваліся ў гумарыстычных выданнях былога Саюза і за яго межамі, у зборніках майстроў савецкай карыкатуры, уключаны ў «Анталогію сусветнай карыкатуры ХХ стагоддзя» (Габрава).
У «Бібліятэцы «Вожыка» вышлі кнігі «Карыкатуры» (1987) і «Венера з універсама» (1994).
Чалавеку сама меней трэба нарадзіцца двойчы. У яго, Аляксандра КАРШАКЕВІЧА, так і атрымалася. Нарадзіўшыся першы раз (а гэта здарылася ў 1956 годзе ў Мінску), ён заплакаў. Нарадзіўшыся другі раз, ён засмяяўся. Гэта ўжо было ў 1982 годзе, калі ўпершыню надрукаваўся ў «Вожыку». Цяпер усе зразумелі: нарадзіўся новы карыкатурыст.
Узяўшыся за пэндзаль, Аляксандр Пятровіч не выпускае яго з рук і па сённяшні дзень. Закончыўшы Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава (1976), паспрабаваў мастакоўскага хлеба ў часопісах «Парус», «Гаспадыня», газеце «Ха-ха». Але найбольш упэўнена адчуў сябе ў часопісе «Вожык». Працуе тут намеснікам галоўнага рэдактарам, мастацкім рэдактарам часопіса.
Яго шматлікія карыкатуры на разнастайныя тэмы друкаваліся не толькі ў «Вожыку», але і гумарыстычных выданнях блізкага і далёкага замежжа. Акрамя ўсяго, А. Каршакевіч стварае шаржы на калег, вядомых літаратараў і дзеячаў культуры, малюе коміксы, афармляе кнігі.
Мастак Андрэй Міхайлавіч СЛУЦКІ нарадзіўся ў Слоніме ў 1968 годзе. Маляваць Андрэй пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Скончыў мастацка-афарміцельскае аддзяленне Мінскага мастацкага вучылішча.
Першую сваю карыкатуру надрукаваў у «Вожыку» ў 1991 годзе, з таго часу з’яўляецца адным з яго актыўных аўтараў. Менавіта «Вожык» адкрыў А. Слуцкаму дарогу ў іншыя выданні — «Народную газету», «Пікнік», «Ха-Ха» (Беларусь), «Колесо смеха» (Расія), «ХРЮ»(ЗША). Яго малюнкі — лаканічныя, контурныя, з жывымі, эмацыянальнымі героямі і дыялогамі —ўдзельнічалі ў міжнародных конкурсах карыкатуры ў Грэцыі, Іране, Югаславіі, Францыі.
Мінчанін Павел ГАРАДЦОЎ (Шычко) нарадзіўся ў 1979 годзе. Атрымаў грунтоўную мастацкую адукацыю: спачатку скончыў Мінскую дзіцячую мастацкую школу №1, потым — Мінскае мастацкае вучылішча імя А. К. Глебава і Беларускую акадэмію мастацтваў (аддзяленне станковага жывапісу). З 2003 года працаваў мастацкім рэдактарам часопіса «Вожык». Цяпер Павел Уладзіміравіч — вядучы мастацкі рэдактар выдавецтва «Пачатковая школа».
П. Гарадцоў — малады, таленавіты мастак-карыкатурыст, які стварае яркія і запамінальныя карыкатуры на шырокі спектар тэм, удзельнічае ў рэспубліканскіх і міжнародных выстаўках карыкатуры.
У горадзе Жодзіна Смалявіцкага раёна нарадзіўся Вікенцій ПУЗАНКЕВІЧ (1948), адзін з самых таленавітых і сціплых мастакоў-карыкатурыстаў. Найвышэйшая школа малявання, стараннасць, адданасць справе карыкатуры, разнастайнасць малюнкаў — ад лёгкага гумару да складаных філасофскіх графічных работ — вылучае Вікенція Іванавіча сярод сваіх калег па пэндзлю.
Творчы дыяпазон аднаго з самых таленавітых айчынных мастакоў-карыкатурыстаў Вікенція ПУЗАНКЕВІЧА надзвычай шырокі. Архітэктар па адукацыі, ён распрацоўваў узоры мэблі і абсталявання для гасцініц, займаўся прамысловай графікай, дызайнам і рэкламай, дробнай пластыкай, разьбой па дрэве, афармляў кнігі… І — заўсёды, яшчэ са студэнцкіх гадоў — маляваў карыкатуры. Яго работы друкавалі, бадай, усе нашы вядомыя газеты і часопісы — «Знамя юности», «Чырвоная змена», «Вечерний Минск», «Звязда», «Белорусская нива», «Мінская праўда», «Автогазета», «Гастроном», «Туризм и отдых», «Фемида», «КОД», «ДИО», «Родная прырода», «Наш дом», «Алеся» і іншыя.
З «Вожыкам» В. Пузанкевіч знаёмы ўжо больш за 30 гадоў. Найвышэйшая школа малявання, стараннасць, адданасць справе карыкатуры, тэматычная разнастайнасць малюнкаў — ад лёгкага гумару да складаных філасофскіх графічных работ — вылучае Вікенція Іванавіча сярод калег па пэндзлю.
Сёння Вікенцій Пузанкевіч працуе мастаком-рэстаўратарам у гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заславль», надае старым рукатворным рэчам новае дыханне. Дарэчы, нядаўна ён быў прызнаны лепшым работнікам музея па выніках 2011 года і ўзнагароджаны дыпломам аддзела культуры Мінскага райвыканкама. Віншуем і ганарымся!
Акрамя таго, Вікенцій — заядлы турыст. Абышоўз сябрамі Беларусь уздоўж і ўпоперак, пабываў у яе самых далёкіх кутках, прайшоў на байдарках і плытах некалькі беларускіх і рускіх рэк.
Словам, таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. І яркі прыклад таму — архітэктар, дызайнер, мастак, карыкатурыст, афарміцель, рэстаўратар, турыст Вікенцій Пузанкевіч. Нам толькі застаецца пажадаць яму моцнага здароўя і творчага плёну ды павучыцца ў яго сціпласці, працавітасці, адказнасці, шчырасці і аптымізму!