02/12/2024
44.
У які бок не перавярні, усё роўна застанецца 44. Мяняй месцамі какетліва, ці не мяняй.
Ну і добра.
Усе, што ёсць, усе мае.
Лепшы спосаб правесці дзень народзінаў, як па мне- выбрацца ў вандроўку. Я выспалася, Міраслаў адпрасіўся з працы, дзецям сказаў узяць ключы ад кватэры, каб маглі вярнуцца, і мы рушылі ў вандроўку.
Пацягаліся па нашай Налібацкай пушчы.
Да сустрэчы Нёмана і Бярэзіны не даехалі, а да сустрэчы Іслачы і Бярэзіны дабраліся. Праз шмат кіламетраў цікавых лясных дарог.
Сустрэлі шэрую(!) казулю і вавёрку. Падазраю, што ў асноўным звяры глядзелі на нас з гушчароў, а не мы на ніх.
Палазілі - упершыню!- па заброшаным санаторыі. Цікава, але было капец страшна, калі зверху раздаліся нечыя крокі)
Сонца мне сёння не выдалі. Але і без яго ўдвух, не на працы, па лесе - было файна.
А пра год:
Я цалкам задаволеная сабой. Магчыма, навучылася цаніць сябе.
У асноўным гэта прафесійнае. Шмат вучобы, рознай.
Нарэшце асмелілася заявіць пра сябе, як вэб-дызайнера. І былі цікавыя праекты. Пакуль што гэта фрыланс у дадатак да асноўнай працы. Далей паглядзім. Мо так і застанецца. Бо вельмі хачу займацца вэб-дызайнам менавіта ў беларускай прасторы. А гэта на поўнае забеспячэнне сябе пакуль што не цягне. Затое мой унёсак у сваё.
На працы нечакана давялося засвоіць кадравую працу. Не тое, каб я гэтага хацела ці шукала. Але гэта някепскі новы досвед. Да таго ж, новая вучоба і веды. Усё, як я люблю.
Цяпер вучу інтэрнэт-маркетынг. Яшчэ ў скарбонку.
З нечакана замуцілі праект, . Гэта вельмі цікава, абсалютна новы досвед. Калі шчыра, ганаруся намі - і тым, як узнікла ідэя, і як мы хутка сінхранізаваліся і ажыццявілі. І гэта чарговы крок да таго, каб умець браць за сваю працу грошы. З гэтым без Іры я б адназначна не справілася)
Чамусьці я без згрызотаў прымаю грошы толькі ў выглядзе зарплаты на асноўнай працы. І там мне амаль увесь час падаецца, што гэтага малавата)
Дзеці сталеюць. Падлеткі - гэта цікава, складана, часам вельмі лёгка, часам невыносна. Але адназначна: фізічна гэта ўжо самастойныя асобы ( вось чаму мама можа па вечарах вучыцца і працаваць).
Дом на лецішчы будуецца ( рукамі Міраслава). Расліны растуць.
Жыццё працягваецца.