Літаратура і Мастацтва

Літаратура і Мастацтва Штотыднёвік. Выдаецца з 1932 года.
Навіны літаратуры, выя

Газета "Літаратура і мастацтва" выдаецца з 1932 года.

Выходзіць па пятніцах.

Рэдактармі "ЛіМа" былі Аркадзь Куляшоў, Васіль Вітка, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Алесь Пісьмянкоў, Віктар Шніп, Анатоль Казлоў, Таццяна Сівец і інш.

Сярод аўтараў - Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Васіль Быкаў і многія іншыя пісьменнікі.

На гэтай старонцы змяшчаюцца архіўны

я фота, цікавыя факты, анонсы і паасобныя тэксты ці вытрымкі з іх.

На сайце "ЛіМа" змешчаны архіў газеты (пдф-фармат): http://www.main.lim.by/

Беларуска-туркменскі творчы вечар"ВУСНЫ ТУРКМЕНІСТАНА: ВЯЛІКІ ФРАГІ" 18 красавіка 2024 года ў 18.00 у вялікай зале Дома ...
18/04/2024

Беларуска-туркменскі творчы вечар
"ВУСНЫ ТУРКМЕНІСТАНА: ВЯЛІКІ ФРАГІ"

18 красавіка 2024 года ў 18.00 у вялікай зале Дома літаратара (вул. Фрунзэ, 5) адбудзецца вечар, прысвечаны 300-годдзю класіка сусветнай літаратуры, туркменскага паэта, філосафа і асветніка Махтумкулі Фрагі.
Вялікі паэт і мысляр Усходу, заснавальнік туркменскай класічнай літаратуры Махтумкулі Фрагі сваёй несмяротнай творчасцю і самім сваім імем вось ужо трыста гадоў услаўляе туркменаў. Яго творчая спадчына, з'яўляючыся неацэнным нацыянальным здабыткам Туркменістана, стала неад'емнай часткай скарбніцы сусветнай культуры.
Творчасць паэта адлюстроўвае агульначалавечыя каштоўнасці, таму яго выдатныя вершы перакладаліся і дагэтуль перакладаюцца на дзясяткі моў свету. Па-беларуску яны загучалі дзякуючы Максіму Танку, Уладзіміру Караткевічу, Рыгору Барадуліну, Алегу Лойку, Міколу Мятліцкаму, Казіміру Камейшу, Віктару Шніпу і іншым паэтам і перакладчыкам.
У мерапрыемстве прымуць удзел Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Туркменістана ў Рэспубліцы Беларусь Назаргулы Шагулыеў, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч, вядомыя паэты Казімір Камейша, Навум Гальпяровіч, Віктар Шніп і іншыя.

26/08/2022

Шукаем вопытнага журналіста на пасаду намесніка галоўнага рэдактара. Больш падрабязна па тэл. +375 17 325-85-25

Патуліна ― летняе сховішча Габрыэлі ПузыніМінулым летам давялося падарожнічаць па рацэ Віліі. На Астравеччыне, у старажы...
10/01/2022

Патуліна ― летняе сховішча Габрыэлі Пузыні

Мінулым летам давялося падарожнічаць па рацэ Віліі. На Астравеччыне, у старажытным Дубку, каля драўлянага касцёла, нехта згадаў пра Габрыэлю Пузыню — дачку графа Гюнтэра — і яе духоўныя вершы. А яшчэ пра тое, што рэзідэнцыя землеўладальніка і рамантычнае летняе сховішча Габрыэлі — Патуліна — знаходзіцца недалёка, літаральна за некалькі кіламетраў уніз па цячэнні ракі.

З таго часу не пакідала думка наведаць гістарычныя мясціны. Здзейсніць задуманае ўдалося толькі напрыканцы восені.
Начныя прымаразкі не на жарты сцялі зямлю і ператварылі ў шкло невялікія лужыны. Халоднае паветра ўтрымлівала пах дыму і прэлай лістоты. Асабліва востра адчуваўся гэты пах у Дабраўлянскім парку. Пераходзім маленькі драўляны масток на месцы вялікага мураванага, што быў адначасова парадным уездам сядзібу графа Гюнтэра. Калісьці тут быў культурны цэнтр краю. А сёння запусценне.
Дрэвы скінулі долу свае летнія строі і пад імі цяжка знайсці рэшткі колішняй сядзібы графа. Нават лядоўню, пра якую давялося чуць, у бураломе, парослым кустоўем, не знайшлі. Абмялелыя ставы ды каналы адлюстроўвалі ў сваіх цёмных водах прысады і пакрытыя мхом старыя дрэвы парку, які 200 гадоў таму поўніўся свецкім жыццём і разам з шыкоўным палацам і ўсёй сядзібай натхняў мастакоў, музыкантаў і пісьменнікаў. Многія з іх лічылі за гонар пакінуць у галерэі графа свае карціны і гравюры, а ў бібліятэцы — творы, рукапісы, экслібрысы.
У Дабраўляны завітала без асаблівай нагоды. Проста трапіла ў рукі кніжачка вершаў «Струмень любові» Габрыэлі Пузыні ў перакладзе на беларускую мову Ірыны Багдановіч. І пацягнула наведаць мясціны, якія былі прытулкам муз, а цяпер згадваюцца толькі ў біяграфічных даных колішніх гаспадароў. Загадчыца Лылойцінскага клуба і краязнаўца Наталля Тапуць пагадзілася быць маім гідам у вандроўцы па так званай Лылойцінскай кругасветцы. Турыстычны маршрут з такой амбіцыйнай назвай ахоплівае Дабраўляны і некалькі вёсачак ды хутароў на самым ускрайку Смаргоншчыны. Але ж якія гэта паселішчы!
Неяк мой сусед па лецішчы Сярожа Кутузаў распавёў пра тое, як у дзяцінстве яго моцна крыўдзіла, калі вясковыя аднакласнікі казалі, што іх сям’я жыве ў турме. Бацькі працавалі ў мясцовым саўгасе, кіраўніцтва якога і выдзеліла ім кватэру ў старажытным двухпавярховым будынку з чырвонай цэглы. З такога ж матэрыялу была і пачатковая школа, куды можна было перабегчы, не апранаючыся ў зімовае. Побач пралягала брукаванка, якую называлі панскай. Вяла дарога ад графскага саду да касцёла Божай Маці Добрай рады, што паміж Шыманэлямі і Нястанішкамі.
Успомніла пра крыўды Сяргея, калі пачула з вуснаў Наталлі назву «турма» ў дачыненні да будынка на грунтоўным мураваным падмурку. Цагляная кладка пачыналася толькі на ўзроўні другога паверха, таму здавалася, што першы, ды яшчэ з кратамі на вокнах, — вязніца. На думку Наталлі, гэты будынак найверагодней служыў жыллём вартаўніку, які ахоўваў сядзібу. А суседні, дзе пэўны час размяшчалася пачатковая школка, некалі быў домам упраўляючага. Дарэчы, абодва будынкі не належаць да часоў графа Гюнтэра, які жыў тут у эпоху завяршэння падзелаў Рэчы Паспалітай.
За падтрымку нашчадкамі Адама Гюнтэра паўстання 1963 г. сядзібу канфіскавалі. Згаданыя пабудовы з’явіліся тут пры пане Хамінскім, які гаспадарыў у Дабраўлянах ажно да 1939 года. З былога маёнтка сям’і Гюнтэраў ацалелі толькі цагляны гаспадарчы будынак, бровар, капліца і старадаўні парк. А яшчэ захаваліся рэшткі брукаванкі, па якой мы і рухаемся ў бок Патуліны. На жаль, сёння назва знікла з геаграфічных карт, — суседнія Каробкі паглынулі яе, хаця тутэйшыя старажылы памятаюць ранейшую назву паселішча і дом Пузыні.
У 1851 г. граф Адам Гюнтэр падзяліў свой маёнтак паміж трыма дочкамі. Габрыэлі адышлі Забалаць і Нястанішкі ў Свянцянскім, Ігуменава ў Дзісенскім павеце. Непадалёк ад Нястанішак яна пабудавала дом, названы Патулінам («Утульным месцам»). Налева ад старажытнай капліцы з надпісам, які сведчыць пра яе гістарычную каштоўнасць, адкрываецца від на колішнюю сядзібу таленавітай пісьменніцы, мемуарысткі, драматурга і, без сумневу, патрыёткі сваёй зямлі Габрыэлі Пузыні.
Над невялікім ставам узвышаецца парослы бэзам маляўнічы пагорак. Ад дома засталіся толькі грунтоўныя і глыбокія падмуркі. Наталля Тапуць добра памятае сам будынак, бо дзяўчынкай наведвалася да яго тагачаснай гаспадыні Гэлены Мільгевіч. У дом вялі высокія мураваныя прыступкі, а праз вокны адкрываўся чароўны від на стаў і вясковыя хаткі вакол яго. Гэта сапраўды ўтульнае месца не магло не натхняць на творчасць Габрыэлю, якая, як вядома, была вялікай прыхільніцай творчасці Адама Міцкевіча і прадаўжальніцай яго памкнення апяваць свой край, занатоўваючы ў вершах прыгажосць наваколля, яго асаблівасці і каштоўнасці. Магчыма, у гэтым месцы нараджаліся і мемуара, якія яна пісала ўсё жыццё як дзённікі. Дарэчы згадаць эпізод з мемуары, дзе з пэўнай доляй самаіроніі і гумару паэтка піша, як распачала паэму пра Дабраўляны, але, атрымаўшы з Парыжа паэму Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш», часова адмовілася ад гэтай задумы.
Сярод такіх слынных польскамоўных айчынных літаратараў, як Ян Чачот, Уладзіслаў Сыракомля, Ян і Ігнацій Ходзькі, Адам Плуг, Юзаф Крашэўскі і іншыя, Габрыэля Пузыня займае сваё пачэснае месца. Але доўгі час толькі спецыялісты ў галіне літаратуры ведалі пра яе літаратурную дзейнасць. Тым не менш цешыць, што яе адмысловыя творы сёння даступны чытачу. Усім, хто цікавіцца мінуўшчынай, ладам жыцця розных слаёў грамадства як у сталіцы, так і ў правінцыі, будзе цікавым выданне мемуараў пісьменніцы на беларускай мове, якія таксама пераклала Ірына Багдановіч і якія неўзабаве павінны з’явіцца ў кнігарнях.
Між іншым, польскамоўныя мемуары былі выдадзены яшчэ ў 1928 годзе гісторыкамі А. Чарткоўскім і Г. Масціцкім пад назвай «У Вільні і літоўскіх маёнтках». Другі том не выйшаў — рукапіс згарэў разам з варшаўскай бібліятэкай падчас Другой сусветнай вайны.
Не пашкадавалі дзве сусветныя вайны і цудоўны палац у Дабраўлянах. Да самага графскага парку падступаюць бетонныя доты, як сведкі мінулай навалы. У полымі войнаў згарэлі пабудовы, масткі праз каналы, паркавыя скульптуры… Але нездарма кажуць, што рукапісы не гараць. Вось і рукапісы выдатнай дачкі нашай зямлі, таленавітай пісьменніцы Габрыэлі Пузыні пакрыху вяртаюцца на Айчыну.
Ала СТРАШЫНСКАЯ,
фота аўтара

Аляксандр КРАМКО:« Жыццё без музыкі раўназначна смерці »Музыкальнасць яго натуры праяўляецца ва ўсім: у дырыжыраванні, у...
10/01/2022

Аляксандр КРАМКО:
« Жыццё без музыкі раўназначна смерці »

Музыкальнасць яго натуры праяўляецца ва ўсім: у дырыжыраванні, у аранжыроўцы, у ігры на інструментах, у выкладанні студэнтам і нават у адпачынку, калі ён не-не ды дакранецца да інструмента, каб зайграць. Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, дырыжор, прафесар, кавалер ордэна Францыска Скарыны (2013), ордэна Пашаны (2017) Аляксандр Крамко 24 снежня адзначыць свой 60-гадовы юбілей, а напярэдадні адбудзецца святочны канцэрт з гэтай нагоды. Адорваць шчырасцю і адкрытасцю — душэўная патрэба Аляксандра Крамко, музыканта, чый творчы шлях надзвычай цікавы. Пра любоў да музыкі і тонкасці ў творчасці — наша гутарка.

— Аляксандр Яўгенавіч, да вашага юбілею 17 снежня ў філармоніі пройдзе канцэрт. Калі з вамі на сцэне стаяць вядомыя выканаўцы, а вы дырыжыруеце аркестрам, душа спявае?
— Калісьці Нэлі Захараўна Багуслаўская пасля канцэрта падышла да мяне і сказала: «Сашачка, ты ж усе песні спяваеш, усе на памяць ведаеш!» Сапраўды, у мяне гэта атрымліваецца натуральна. Мне ж партытура патрэбна толькі на рэпетыцыі... Навошта ў яе глядзець?! Музыка павінна гучаць унутры — і тады ўсё атрымаецца. На творчым вечары ў гонар Юрыя Семянякі Нэлі Захараўна спявала песню «Люблю цябе, Белая, Белая Русь», на 70-годдзі Ігара Лучанка разам з Ізмаілам Львовічам — «Рыжую восень». Так мы і пазнаёміліся, потым неяк дамовіліся пра іншы канцэрт. Ізмаілу Львовічу вельмі спадабаўся аркестр і мой ансамбль. Многія эстраднікі, напрыклад, Ігар Карнялюк, Іосіф Кабзон, рок-група «Сузор’е», спярша думалі, што народны аркестр — гэта полька, але, прыехаўшы, здзіўляліся неверагоднаму багаццю гуку! Уражваліся і ўлюбляліся. Помню, Анатоль Ярмоленка, даўно ўжо, яшчэ з Алесяй прыйшлі і разгубіліся: столькі гукаў, перапляценняў, падгалоскаў... Тое ж было і з Аляксандрам Ціхановічам, калі прыходзілі з Ядвігай Паплаўскай. Я рабіў канцэрты на 40-годдзе «Песняроў». Таксама ўжо каторы год, 12 студзеня, праводзім канцэрты памяці Уладзіміра Мулявіна. Сёлета павінен прыехаць Пётр Ялфімаў (ён выкладае ў Гнесінцы ў Маскве).
— На вашых выступленнях заўсёды жывы гук?
— Абавязкова. На сцэне 45 музыкантаў нашага калектыву: цымбальная група (1-я, 2-я цымбалы), альты, тэнары, духавая група, баяны, ударныя. Яшчэ выкарыстоўваем у эстрадных праграмах фартэпіяна, сінтэзатар, але можам і без іх, бо ў чым унікальнасць аркестра? Калі іграць сімфанічную музыку, яна павінна гучаць у арыгінале. Той жа Чайкоўскі, Моцарт як мыслілі: тут тэмбральна габой, тут — кларнет, тут — скрыпка, тут — віяланчэль. Гэта значыць, ёсць эталон гучання. А пры любым пералажэнні гучаць будзе горш. Ну, польку Штрауса сыграць — яшчэ куды ні йшло. Але калі віяланчэль замяняюць цымбаламі... У цымбалаў жа іншы моцны бок. Такім чынам, у сімфанічнай музыкі павінна быць эталоннае гучанне, а любое пералажэнне — рызыка сказіць. Іншая справа — эстрадная папулярная музыка, джазавая: напісаў мелодыю, а для якога аркестра аранжыруеш — выбірай. І тут я ўжо не пералажэнне раблю, бо няма куды дзецца, а наўмысна ўзвышаю кожны інструмент. Калі цымбалы — высвечваю іх моцны бок: перазвоннасць, піцэката, трэмала...
— А адкуль ведаеце моцны бок кожнага інструмента?
— Я ж аранжыроўшчык з дзяцінства. З двух гадоў мяне немагчыма было адагнаць ад радыёлы. Калі мае бацькі пажаніліся, маці з зарплаты то лыжку купляла, то відэлец, патэльню, а бацька перш-наперш набыў радыёлу. І яна стала для мяне магнітам. Помню, у сям’і перамешвалі канверты з пласцінкамі і прасілі: «Сашка, пастаў гэтую песню». Чытаць жа яшчэ я не ўмеў, а як знаходзіў патрэбную? Бачачы гэта, бабуля з дзядулем у чатыры гады мне падарылі маленькі акардэон. І я ўжо іграў на ім. У маім родзе дзяды рабілі скрыпкі. І на сцяне дома ў мяне дагэтуль вісяць работы дзеда. У мяне шмат братоў, якія працуюць у музычных школах. Бацька іграў на гармоніку, яшчэ — на акардэоне, гітары. Ні адно застолле не абыходзілася без песні. Як з чатырох гадоў асвоіў акардэон, праз тыдзень ужо іграў усё, падбіраў. Гэта ад прыроды дадзена. У шэсць гадоў мне купілі трохчацвяртны акардэон, але спярша не мог яго цягаць: я быў маленькі, худзенькі. Станавіўся на каленях на ложку, дарослыя расцягвалі, а я іграў. Калі ж нікога з дарослых не было, да акардэона толькі падыходзіў, бо падняць не мог. Потым ужо, калі здолеў трымаць сам, было такое шчасце: ні ад кога не залежу.
— Няўжо былі так апантаны інструментам? Мяне, напрыклад, за баян садзіцца прымушалі...
— Што вы! Мама мяне ад акардэона адганяла, а яшчэ — ад кніг. У пяць гадоў я быў запісаны ў бібліятэку. Да школы перачытаў «Дуброўскага», «Маладую гвардыю», «Вайну і мір»... Хай не ўсё разумеў, затое мае сачыненні заўсёды пасылалі на выстаўку. Таксама мяне прыцягвалі лес, грыбы, рэчка, возера Стоўбцаў.
— На вашай старонцы ў «Фэйсбуку» шмат фатаграфій прыгожых краявідаў... Музыкальнасць, прырода і творчасць неяк звязаны?
— Не скажу, што гэта проста: маўляў, паглядзеў на поле, лес, уразіўся прыродай, і — о! — сеў пісаць. Не, гэта толькі ў тэорыі: чымсьці ўразіўся — і кінуўся тварыць. Насамрэч усё трэба вынасіць. Але, бывае, штосьці нараджаецца імгненна. Вось, напрыклад, у мяне ёсць элегія «Заўсёды са мною», якую прысвяціў жонцы. Лета. Яна яшчэ спала. Праз штору праменьчык прабіваўся — і пачало гучаць. Я пайшоў кудысьці — працягвала гучаць. Запісаў. Яшчэ падобная сітуацыя: калі нарадзілася старэйшая дачка Насця, іду, а ў мяне мелодыя гучыць. Гучыць і ўсё. Не звярнуў увагі. Вечарам перастала. Назаўтра — зноў. Запісаў. Цяпер гэта элегія «Настачка», якую іграюць мае студэнты, ды і не толькі мае, на конкурсах. Нават не толькі на дудцы (для якой зрабіў), але і на габоі, і на трубе, і на кларнеце. Такім чынам, прырода садзейнічае — можна і праз год-два штосьці ўспомніць: спалучэнне ценяў, павуцінкі, каласка з расінкай. Як мой твор «Росныя хвалі». Я жыву ў Малінаўцы, праз кальцавую перайшоў — і лес. Гуляю, збіраю грыбы. І вось іду па гэтым лесе а палове пятай раніцы — проста як пакрывала гэтыя кропелькі на травінках і павуціне. Цудоўна! Я і фатаграфую, вядома. І вяртаюся ў дзяцінства. Акрамя акардэона, мяне прыцягвалі і іншыя інструменты. Не без сціпласці скажу, што перайграў на ўсіх. Ну, тая самая домра: рэ, ля мі — узяў строй і іграй! (бярэ і паказвае). Рускія народныя аркестры ж былі паўсюль. І на домрах, і на балалайках я іграў.
— Можна было не вучыцца з вашым спрытам самавуцтва!
— У культасветвучылішча, што было каля плошчы Свабоды па вул. Інтэрнацыянальнай, насупраць кінатэатра «Перамога», прыходзілі часам мясцовыя, прасілі: на вяселле патрэбен клавішнік ці іншы які музыкант. Я заўсёды згаджаўся. А аднойчы быў патрэбен саксафаніст, запрасілі ў аўторак, а іграць — у суботу. Я саксафон толькі здаля бачыў, але ведаў, што ў выкладчыка Казючыца ляжаць тэнар і альт, а духавога аддзялення ў культасвеце не было. Я падышоў: «Васіль Ігнацьевіч, дайце саксафончык». — «Ну на». І я сам разабраўся. Калі закрыты ўсе клапаны — на любым духавым інструменце — гэта самы вялікі стоўп паветра, самы нізкі гук, рэгулюецца ён клапанамі. Укарочваецца слой паветра — і павышаецца гук. У суботу я ўжо іграў на халтуры. І танальнасць для мяне не ўяўляла складанасці, галоўнае — аплікатура.
— Кажуць, займаецца той, хто іграць не ўмее. Гэта дакладна пра вас!
— Ёсць шчасліўчыкі, каго матухна прырода ўзнагародзіла. У мяне ж уся радня музыкальная. Дзед Саша расказваў: «Так хацелася іграць на скрыпцы, ды... яна ж як карова каштавала. І пачаў рабіць сам, спачатку з адной струной». І атрымалася — нават на вяселлях іграў. Купіць інструмент тады было немагчыма. Раней жа плацілі за працадні ў калгасе.
— Ці ўяўляеце сябе па-за музыкай?
— Для мяне жыццё без музыкі раўназначна смерці. Я, напрыклад, не люблю адпачынак і шмат выхадных. Бывае, што канцэртаў няма, аранжыровак рабіць не трэба і збоку ніхто не заказвае. А іншы раз як наваліцца: і з Масквы заказваюць, і з Францыі, і тут у аркестры трэба, і ва ўніверсітэце. І думаеш адпачыць. Ды пасля 8 ужо не спіцца. Стрымліваю сябе: «Так, нічога рабіць не буду». Але не заўважаю, як на чымсьці пачынаю найграваць альбо штосьці запісваць. І што значыць адпачываць? Вось на рыбалку, у грыбы — адпачынак. Пакупацца. Я моры аб’ездзіў: і Адрыятычнае, і Цірэнцкае, і Балтыйскае. На беразе Індыйскага акіяна, на востраве Рэюньён, жыў 1,5 месяца, калі ездзіў з «Маладой Беларуссю» — былым сімфанічным аркестрам кансерваторыі.
— А які вы дырыжор?
— Яўна не той, які мастацкай гімнастыкай займаецца: аркестр сам па сабе іграе, а дырыжор аж лётае. Чаго ты? Пачакай! Адкуль гэта пайшло, не ведаю. Не партытура ў галаве павінна быць, а музыка, і каб спявалася. А як і што рабіць, народзіцца ўжо само па сабе. Не ўсімі ж музычнымі тэрмінамі можна адлюстраваць пачуцці. Скажы легата, стаката — выканаюць механічна. Бывае, прыходзіш, і сёння не гучыць. Ты будзеш у іх «форту, піяну, крэшчэнду» прасіць, і яны табе будуць гэта іграць, але адчуваеш: не тое. Лепш тады адпусціць. Прыдуць праз дзень-два і ўсё зробяць. Як робім новы твор? Раз прайгралі — нічога не кажу, яшчэ разок — і адкладаем. Назаўтра прайгралі — адклалі. Вось калі ўжо тэкст будзе, тады можна парцыённа і фарбы. А бывае, нічога гаварыць не трэба. Іграецца добра: адчулі. Нават калі паўгрупы адчула правільна, то астатняя палова падцягнецца. Таму не трэба прыдумляць нічога штучнага. Гэта біцэпсы можна качаць, а тут — зусім іншае. Часам бываюць форс-мажорныя абставіны: раз — узнік канцэрт, а мы не ігралі даўно, але на выступленні ўсё аказваецца добра і нават лепш, чым было на пяці рэпетыцыях.
— У вас столькі амплуа: і аранжыруеце, і дырыжыруеце, і сачыняеце, і кіруеце сваім ансамблем...
— Ансамбль стварыўся ўнутры аркестра І. Жыновіча. Я прыйшоў у 1986-м і тады ўжо збіраў розныя малыя саставы: і тры, і пяць, і сем чалавек. Першы канцэрт адбыўся 14 лістапада 2005 года. Пасля гэтага я зразумеў, што трэба дадаць тры чалавекі. Чаму? Вось ёсць квартэт, дзе дзве домры, кантрабас і баян. І іграюць яны ўсю музыку, розную, сусветную. Але толькі адлюстроўваюць мелодыю. А мне захацелася, каб гэтыя мае дзесяць чалавек маглі ўвасобіць любую вялікую партытуру, але малымі сіламі. Некаторыя здзіўляюцца: навошта мне 5 цымбалаў. Я кажу, што шчыльнасці гучання не будзе. Іншая справа — калі ёсць аснова: тры прымы, два альты, бас-гітара ды яшчэ адзін баян, флейта, кларнет і ўдарная ўстаноўка — і ўжо тады рабі што хочаш.
— Як вы пішаце музыку?
— Аднойчы гэтым зацікавілася і тэлебачанне. Я сядаю ў крэсла, бяру дыпламат. Яны: «Як? А мы думалі, вы за фартэпіяна сядзеце!» — «Не, — кажу, — я без усякіх інструментаў». Як складаю? Не думаю бесперастанна дзень-два, а ў метро сеў — і да Малінаўкі ў мяне ўжо нарадзілася. Калі саспее ўнутры, паўдня — і партытура гатова. Напісаныя рукой партытуры для мяне жывыя, а на камп’ютары мёртвыя. Я валодаю прафесійным відэарэдактарам, манцірую фільмы. Але на гэта пайшло дзесяць гадоў. Усе тонкасці асвойваюцца паступова. Узнавіў песняроўскія партытуры: пасля Мулявіна ж ні адной ноты не засталося. Ён прыходзіў, мог на паперы галасы накідаць, наспяваць Кашапараву, Барткевічу, папера згубіцца, і ўсё. Бывала, партыі перадавалі, хтосьці сыходзіў. Так ні адной партытуры не засталося. Для мяне ўсё пачалося з рок-оперы «Гусляр»: рэканструіраваў партытуру па запісе. Гэта былі мае самыя вялікія дыктанты (смяецца). Вось «Песня пра долю» — гадзіна музыкі: чатыры дні я здымаў, тры — партытуру пісаў. Калі Карнялюк (ён і музыкальную школу, і вучылішча заканчваў у Брэсце) прыязджаў да нас першы раз, тады яшчэ быў жывы Міхаіл Солапаў. А Ігар вучыўся, калі Солапаў узначальваў Брэсцкае музычнае вучылішча. І вось прыехаў на яго 95-годдзе. Я вырашыў зрабіць з «Майстра і Маргарыты» Карнелюка чатыры нумары. Дык Ігар дзівіўся: «Як?! Я ж не выдаваў ноты!» Не мог зразумець, як мне ўдалося дакладна запісаць яго музыку. Я, дарэчы, ноты магу не запісваць, яны ў мяне ў галаве круцяцца.
— А калі забудуцца?
— Значыць, яны не вартыя таго. Тое, што патрэбна, застанецца. Партытуры адразу пішу на чыставік гелевай ручкай, нічога не выпраўляючы.
Гутарыла Наталля СВЯТЛОВА
Фота з асабістага архіва Аляксандра Крамко

Адной з найважнейшых мастацкіх пляцовак Мінска ― 20 гадоўГалерэя «Універсітэт культуры» даўно стала часткай культурнага ...
10/01/2022

Адной з найважнейшых мастацкіх пляцовак Мінска ― 20 гадоў

Галерэя «Універсітэт культуры» даўно стала часткай культурнага жыцця сталіцы. Дзякуючы ёй у студэнтаў і выпускнікоў ёсць магчымасць быць пачутымі: тут не проста дэманструюцца карціны і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — адкрываюцца новыя імёны.
Сотні выставачных, літаратурных, музычных і адукацыйных праектаў, у ліку якіх шмат міжнародных, — сёння галерэя «Універсітэт культуры» можа ганарыцца тым унёскам, які зрабіла для развіцця мастацтва Беларусі. Днямі адной з найважнейшых мастацкіх пляцовак спаўняецца 20 гадоў. З гэтай нагоды пагутарылі з дырэктарам галерэі кандыдатам культуралогіі Марынай Татарэвіч.

З высакароднай місіяй
Падтрымка творчых ініцыятыў таленавітай моладзі, развіццё і ўмацаванне міжнародных культурных сувязей, папулярызацыя мастацкай спадчыны беларускіх аўтараў, прэзентацыя творчых дасягненняў замежных мастакоў айчыннай публіцы, трансляцыя творчасці беларускай дыяспары — такой бачылася місія стваральнікам галерэі пры Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. Аднак думалі найперш пра студэнтаў, а таксама пра выпуснікоў, якія так ці інакш яшчэ шукаюць сябе, выпрабоўваюць свае здольнасці. Адны з іх не могуць не ўразіць эксперыментамі, іншыя здольны здзівіць уменнем звярнуцца да традыцый. І, дзякуючы галерэі, усё гэта прапаноўваецца не толькі на суд спецыялістаў — выкладчыкаў, экзаменатараў і мастакоў, але і звычайных гледачоў.
За два дзясяткі гадоў галерэя стала выдатнай пляцоўкай для маладых жывапісцаў, графікаў, скульптараў, майстроў па кераміцы, габеленах і іншых відах дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Ва «Універсітэце культуры» заўсёды ёсць на што паглядзець: выстаўкі дыпломных праектаў, твораў навучэнцаў дзіцячых школ мастацтваў, стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Кожны з іх у працэсе творчага сталення можа адчуць сябе сапраўдным мастаком і зразумець, ці камфортна яму ў гэтай ролі. Аднак справа не толькі ў творчай самарэалізацыі — студэнты праходзяць у галерэі практыку і спрабуюць свае сілы ў якасці менеджэраў.

Універсітэт і культура
Мастацкая галерэя «Універсітэт культуры», якая адкрылася ў 2002 годзе, створана пры падтрымцы кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва на падставе пратакола даручэнняў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 06.10.2000 г. № 17 і загада міністра культуры ад 17.12.2001 г. № 421 «у мэтах стварэння ўмоў для развіцця творчых здольнасцей навучэнскай і студэнцкай моладзі». Так, свята, звязанае са стварэннем галерэі, атрымліваецца ў пэўнай ступені пераходным і адзначаецца на працягу вучэбнага года, хоць 17 снежня лічыцца ключавой датай у гісторыі ўстановы.
«Універсітэт культуры» знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы ў Палацы Рэспублікі — буйным культурным цэнтры краіны. Уваход у галерэю — з боку самой плошчы ў левай частцы будынка, таму заблудзіць і не знайсці арт-прастору проста немагчыма. Месцазнаходжанне зайздроснае.
— Аднойчы кіраўнік дзяржавы наведваў наш універсітэт і пазнаёміўся з творчымі дасягненнямі студэнтаў, — расказвае Марына Татарэвіч. — Тады і паўстала пытанне, звязанае з тым, што ўстанова не мела сваёй пляцоўкі для іх прэзентацыі. За тое, што для нас выдзелілі менавіта гэтае месца, мы вельмі ўдзячны. Не кожны ўніверсітэт можа пахваліцца такой прадстаўнічай арт-прасторай.
Калектыў галерэі вельмі дружны, як адзначае яго кіраўнік, гэта сапраўдная каманда. Збольшага ў яе ўваходзяць людзі да 30 гадоў, якія вельмі любяць мастацтва і сваю працу. Яны гатовы да жорсткага рытму, што прадугледжвае частую змену экспазіцый, крэатыўны падыход да справы. Як правіла, гэта выпускнікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Цяпер тут працуе 6 чалавек, расказвае дырэктар установы.
Марына Татарэвіч скончыла БДУКМ (спецыяльнасць «Культуралогія», спецыялізацыя «Тэорыя і гісторыя культуры») у 2016 годзе, а магістратуру — у 2017-м. У мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» працуе ўжо шосты год: паўтара года была экскурсаводам, а потым заняла пасаду дырэктара. Між тым кіраўнік арт-прасторы паспявае выкладаць і ва ўніверсітэце — яна спецыяліст у галіне тэорыі і гісторыі культуры, міжкультурнай камунікацыі, даследуе асаблівасці інтэграцыі носьбітаў мусульманскай культурнай традыцыі ў сацыякультурнай прасторы нашай краіны. Аднак сярод усіх відаў мастацтва Марына Татарэвіч аддае перавагу скульптуры.

Імкненне да балансу
У распараджэнні галерэі чатыры залы. Змена твораў ажыццяўляецца ў сярэднім кожныя два — тры тыдні. Графік вельмі шчыльны. Арганізатары імкнуцца захоўваць баланс выставачнай дзейнасці. Тут гаворка аб тым, каб удзяляць увагу сталым аўтарам і даваць штуршок маладым перспектыўным. Гэта галоўнае адрозненне «Універсітэта культуры» ад іншых галерэй. Некаторыя мастакі самі прапаноўваюць работы для экспазіцыі, а кагосьці запрашаюць.
— Шанс выставіць свае творы ў самым цэнтры Мінска — пэўны імпульс для далейшай творчасці. Гэта ўнікальная магчымасць узаемадзейнічаць з гледачом, пачуць крытыку. Часта наведвальнікі пакідаюць запісы ў кнізе водгукаў, — падкрэслівае Марына Аляксандраўна.
Галерэя актыўна наладжвае сувязі з дзеячамі мастацтва розных краін. Так, найбольш плённым у гэтым кірунку стаў 2019 год: зладжана больш як 20 праектаў. Як правіла, такія экспазіцыі праходзяць пры падтрымцы дыпламатычных прадстаўніцтваў. Асабліва актыўныя — іранскае (штогод у пачатку лютага прэзентуецца мастацтва гэтай краіны), палесцінскае, пакістанскае і кітайскае. Нядаўна стартаваў новы праект з Пасольствам Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла. Штомесяц у яго межах адбываюцца лекцыі, кінапаказы, майстар-класы. Усё гэта цікавіць не толькі беларускага, але і замежнага наведвальніка — дзякуючы ўдаламу размяшчэнню галерэя прымае шмат гасцей-турыстаў.
Аднак нямала ўвагі і творцам з рэгіёнаў. Праект «Арт-Жодзіна», арганізаваны сумесна з жодзінскім выканкамам, сабраў работы амаль трох дзясяткаў мастакоў гэтага краю. Зусім нядаўна ўстанова выступіла куратарам экспазіцыі «Пояс адзінства», што была арганізавана ў Палацы Незалежнасці. У яе межах прадставілі творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з усіх абласцей Беларусі. Падобныя праекты выразна ілюструюць адрозненні і асаблівасці кожнага рэгіёна з яго ўнікальнай культурай. Выставак прадстаўнікоў рэгіёнаў насамрэч не хапае, адзначае Марына Татарэвіч.

Значнасць дыялогу
Уваход у галерэю бясплатны — гэта адна з адметнасцей выставачнай пляцоўкі. Сярэдняя колькасць наведвальнікаў, якія завітваюць на адну выстаўку (а падлічваюць іх менавіта па кожнай экспазіцыі), — 1000—1500.
Аўтарскія вечары (самы запатрабаваны від дзейнасці галерэі, што пацвердзіла апошняе анкетаванне) і творчыя сустрэчы, тэматычныя гутаркі і майстар-класы... Аднак, натуральна, ініцыятывы крыху прыпынілася ў пачатку 2020 года. Тут не да капрызаў: масавыя адкрыцці сталі рэдкасцю, пачалі больш звяртацца да анлайн-сустрэч і лекцый на афіцыйных старонках галерэі ў сацсетках (асобнага сайта галерэі «Універсітэт культуры» няма, ёсць старонка на сайце БДУКМ). Якраз нядаўна ва ўстановы з’явіўся канал у Telegram.
Так ці інакш, колькасць наведвальнікаў за апошнія паўтара года знізілася, аднак гэта агульная тэндэнцыя. Самым спрыяльным перыядам застаецца канікулярны: школьнікі і студэнты завітваюць у галерэю менавіта ў гэты час.
— Яшчэ некалькі гадоў таму, напрыклад, у 2017 годзе, не хапала выставак прафесійных знакамітых мастакоў. Якраз 2019-ы і 2020-ы — перыяд прэзентацыі творчасці такіх майстроў. А сёлета, дарэчы, у нас выстаўляліся работы жывапісцаў Аляксандра Дзямідава і Паўла Кандрусевіча, скульптара Дзмітрыя Аганава. Такі падыход спраяе развіццю і папулярызацыі сучаснага беларускага мастацтва, бо адбываецца сур’ёзны дыялог майстроў і мастацтвазнаўцаў. Гэтыя праекты вельмі важныя для студэнтаў, якія маюць магчымасць паўдзельнічаць у той ці іншай дыскусіі, наведаць майстар-клас або аўтарскую экскурсію. Перадаваць свой вопыт маладому пакаленню — абавязак прадстаўнікоў беларускага мастацтва, — лічыць дырэктар мастацкай галерэі «Універсітэт культуры». Зусім нядаўна ў галерэі «Універсітэт культуры» праходзіла выстаўка дыпломных работ выпускнікоў факультэта мастацкай культуры кафедры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ — чарговая справаздача, якая дапамагае ўсім — і ўжо былым студэнтам, і выкладчыкам, і тэарэтыкам, і сталым мастакам — зразумець, на што скіравана ўвага маладога пакалення. Як заўважае Марына Татарэвіч, апошнім часам яно рухаецца збольшага да абстрактнага і канцэптуальнага мастацтва і ўжо не імкнецца да рэлігійнай тэматыкі, як гэта робяць прадстаўнікі старой школы, напрыклад, той жа Акадэміі мастацтваў. Увогуле, творчасць сучаснай моладзі — сінтэз традыцый і навацый, упэўнена Марына Аляксандраўна. Сярод найбольш папулярных тэм — беларуская міфалогія, якая зараз шукае новыя формы.
Гэтымі днямі можна наведаць выстаўку «Мой свет у фарбах», прымеркаваную да Міжнароднага дня інвалідаў (будзе працаваць да 18 снежня). Святкаваць 20-годдзе ва «Універсітэце культуры» не будуць: пандэмія скасавала любыя задумы, звязаныя з гэтай нагодай. Аднак шэраг мерапрыемтваў усё ж запланаваны.
І найперш гэта сумесная з кафедрай дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і Беларускім саюзам мастакоў вялікая экспазіцыя памяці Алы Непачаловіч. У канцы года будуць дэманстравацца аўтарскія работы майстра, а таксама найлепшыя дыпломныя праекты, якія курыравала Ала Іванаўна. У студзені арганізуюць конкурс дзіцячай творчасці пад назвай «Хрустальная пара», прысвечаны зіме, зімовым святам. У планах — некалькі міжнародных экспазіцый. Як мяркуе Марына Татарэвіч, няблага было б арганізаваць агульнаўніверсітэцкую выстаўку аматарска-прафесійнага мастацтва — такога яшчэ ў сценах «Універсітэта культуры» не было.
Яўгенія ШЫЦЬКА

Калі хобі падказвае сюжэтыНастасся Нарэйка — аўтар зборніка вершаў «Магдэбургскае права маёй душы», шматлікіх публікацый...
24/12/2021

Калі хобі падказвае сюжэты

Настасся Нарэйка — аўтар зборніка вершаў «Магдэбургскае права маёй душы», шматлікіх публікацый лірыкі і прозы ў перыядычным друку. Яе творчасць адлюстроўвае разнастайны свет трапяткой, пяшчотнай, але ў чымсьці непахіснай жанчыны, для якой існаванне азначае любоў. Настасся ўпрыгожвае свой дом вырабамі, звязанымі шыдэлкам, дорыць іх блізкім і сябрам. Што яна знаходзіць у аднастайнай, на першы погляд, працы — пра гэта сённяшняя размова.

— Наста, раскажы, калі ласка, як ты навучылася вырабляць гэтую прыгажосць — сурвэткі, пяшчотныя, як ранішняя шэрань, як марская пена?
— У дзяцінстве я назірала за тым, як вяжа пруткамі мая бабуля, і аднастайныя рухі (насамрэч за імі — вялікая праца памяці і пільная ўвага) зачароўвалі мяне. Асабліва цікава было глядзець, як з некалькіх рознакаляровых клубкоў нараджалася адно суцэльнае палатно з пэўным узорам.
У малодшых класах наведвала заняткі вязальнага гуртка, дзе мы, дзяўчынкі, засвойвалі азы. Было няпроста, нітка блыталася, нацяжэнне яе было занадта моцным — не прасунеш шыдэлак, але ўсё гэта мы старанна пераадольвалі.
Помню, як аднойчы вырашыла да Новага года звязаць маме жоўты шалік у падарунак. Вязала яго таемна, калі ніхто не бачыў (сюрпрыз!), вельмі старалася, спяшалася, ажно мазоль на сярэднім пальцы правай рукі ад шыдэлка займела (ён, дарэчы, і сёння ёсць — і ад ручкі, якой пішу, і ад шыдэлка). Нарэшце шалік быў скончаны! Паспела! Вось толькі… у працэсе вязання ён звузіўся. Крыўдна было да слёз, але я разумела, што сама вінаватая, згубіла недзе петлі. Давялося абвязваць, атрымалася не так прыгожа, як магло б быць, але маме, калі яна знайшла шалік пад ёлкай, спадабалася.
Потым былі ўрокі працы, якія я любіла без памяці. Часам нават думала: як несправядліва, што фізкультура тры разы на тыдзень, а праца — толькі два… Чаму б не наадварот? На тых уроках мы і шылі, і гатавалі, і вышывалі, і вязалі.
У гады студэнцтва было не да хобі. А вось калі пачала працаваць, успомніла пра вязанне, выпісала цудоўны часопіс з узорамі сурвэтак. І сёння захоўваю стосік нумароў.
Сурвэткі звычайна дару знаёмым і сябрам, толькі перад тым абавязкова цікаўлюся, ці падабаюцца чалавеку такія рэчы. Быў сумны вопыт, калі маёй белай сурвэткай, падоранай на дзень нараджэння, выціралі пыл.
Акрамя сурвэтак вяжу закладкі ў кнігі (усе мае любімыя ўжо абзавяліся імі), прыхваткі, букецікі кветак, брошкі, упрыгажэнні для навагодняй ёлкі (званочкі, ёлачкі, рукавічкі, сняжынкі, якія вешаю на фіранкі і прыклейваю да паштовак, што адпраўляю па пошце, «апранаю» звычайныя шарыкі ў вязанае «адзенне»). Гэтай восенню адолела першы ў маім жыцці вялікі шалік з махрой прыемнага ружовага колеру.
— Каб зрабіць такі шэдэўр, трэба гадзінамі сядзець і выконваць аднастайную працу. На такое здольны далёка не кожны. Як табе гэта ўдаецца?
— Вязанне толькі для назіральніка здаецца аднастайным. Насамрэч узор увесь час мяняецца. Бываюць такія «сюжэтныя павароты», што іх паслядоўнасць не ўдаецца запомніць. Даводзіцца падглядаць у схему. Гэта патрабуе адказнасці (быў момант, калі вязала абрус на стол, вялі-і-ікі, і заўважыла памылку ва ўзоры, давялося да таго месца распускаць — аж 20 радоў!). Гэта цікава. Трымае ў напружанні. І разам з тым вельмі хвалюе, калі, здавалася б, бессэнсоўныя слупкі з накідамі, паветраныя петлі і піко (адны словы як музыка!) пераўтвараюцца ў шыкоўны, вытанчаны ўзор, падобны на марозныя малюнкі на акне.
Да таго ж працэс супакойвае, дапамагае выкінуць з галавы надакучлівыя думкі. Гэта медытацыя ў нейкім сэнсе.
— Што дае такое захапленне для літаратурнай творчасці?
— Аднойчы я звязала белага анёла, павесіла яго на нітцы на ключ, якім зачыняецца шафа, а потым неяк сама сабой нарадзілася навагодняя казка «Анёл, які ледзь не застаўся без крылаў». Яна друкавалася ў ЛіМе.
Пазней гэтую казку я не раз расказвала дзецям на сустрэчах у школах. І заўсёды бяру з сабой таго самага анёла.
А яшчэ помню, як падчас адной такой сустрэчы дзяўчынка з брэсцкай школы, якая ведала з інтэрв’ю, што я вяжу шыдэлкам, прынесла мне ў падарунак серабрыста-фіялетавую пчолку, звязаную ўласнаручна. Вельмі кранальны момант! Пчолка захоўваецца ў маёй скарбонцы.
А яшчэ заўважыла, што чаргаванне элементаў узору нагадвае рытмічную пабудову верша. Адзін прапушчаны элемент — і «малюнак» сурвэткі сапсаваны, адно памылковае слова — і верш рассыпаецца.
— Сурвэтку сапраўды можна параўнаць з вершам: у ёй павінны быць вытрыманы памер, сіметрыя, гармонія… А якая праца больш складаная: напісаць верш ці звязаць прыгожую сурвэтку?
— Напісаць верш. Бо ў гэтай справе нельга карыстацца гатовымі схемамі. Калі хочаш стварыць нешта сапраўды СВАЁ.
Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Address

Minsk

Opening Hours

Monday 09:00 - 17:00
Tuesday 09:00 - 17:00
Wednesday 09:00 - 17:00
Thursday 09:00 - 17:00
Friday 09:00 - 17:00

Telephone

+375173258525

Alerts

Be the first to know and let us send you an email when Літаратура і Мастацтва posts news and promotions. Your email address will not be used for any other purpose, and you can unsubscribe at any time.

Contact The Business

Send a message to Літаратура і Мастацтва:

Share

Our Story

Газета "Літаратура і мастацтва" выдаецца з 1932 года. Выходзіць па пятніцах. Рэдактармі "ЛіМа" былі Аркадзь Куляшоў, Васіль Вітка, Анатоль Вярцінскі, Уладзімір Някляеў, Алесь Пісьмянкоў, Віктар Шніп, Анатоль Казлоў, Таццяна Сівец і інш. Сярод аўтараў - Іван Мележ, Уладзімір Караткевіч, Яўгенія Янішчыц, Алесь Разанаў, Васіль Быкаў і многія іншыя пісьменнікі. На гэтай старонцы змяшчаюцца архіўныя фота, цікавыя факты, анонсы і паасобныя тэксты ці вытрымкі з іх. На сайце "ЛіМа" змешчаны архіў газеты (пдф-фармат): http://www.zviazda.by